Морские круизы - 980*120
Газета Туризм и Отдых

Поиск тураГорящие турыЗаказ тураКаталог ссылокФорум

Газета "Туризм и Отдых"

Рубрики газеты



Рассылка: 
Подписка на рассылку новостей нашего портала:


Рекомендуем посетить: 



 
Выпуск №22/200805 июня 2008 г.

Па віленскім бруку

Працяг. Пачатак у № 15-20.

Jotvingiu gatve - вуліца Ятвяжская
Да 1940 г. - Шавецкая дарога.

Ятвягі - адзін з балтыйскіх народаў, што зніклі з арэны гісторыі яшчэ ў эпоху сярэднявечча. Аднак гэта не значыць, што следу ад іх не засталося зусім. Як кажуць навукоўцы, хаця мова ятвягаў не дайшла да нашага часу, а племя гэтае не стварыла сваёй дзяржавы, нашчадкі яго жывуць сярод сучасных літоўцаў, палякаў, а таксама беларусаў - паміж рэкамі Нёман і Нараў. Яшчэ ў пачатку ХХ ст. лічылася, што, як адзначаецца ў энцыклапедычным слоўніку выдавецтва Ф.А.Бракгаўза і І.Эфрона, "как и многие другие прусские племена, ятвяги не были истреблены, а слились частью с мазовшанами, частью с малороссами в Гродненской губ., частью с литовцами Пруссии и Принеманской Литвы… Географическая номенклатура доказывает, что ятвяги населяли западную часть нынешней Гродненской губернии, южную часть Сувалкской и надбужные части Ломжинской и Люблинской". У наш час гэтую гіпотэзу пацвердзілі даследаванні археолагаў.

У 1422 г. зямля ятвягаў цалкам увайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага, але ў выніку Люблінскай уніі 1569 г. заходняя частка гэтай тэрыторыі была далучана да Польшчы (Падляшскае ваяводства, Беласточчына, дзе жывуць у т.л. беларускамоўныя нашчадкі колішніх ятвягаў). Лічыцца, што каменныя курганы ў Заходняй Беларусі - магілы даўніх ятвягаў, на землях якіх у эпоху Кіеўскай Русі паўсталі Горадзен, Новагародак, Ваўкавыск, што затым сталі важнымі цэнтрамі ўжо Літоўскай дзяржавы.

S.B.Jundzilo gatve - вуліца С.Б.Юндзіла
Назва існуе з 1991 г.

Станіслаў Баніфацы Юндзіл (1761-1847) - паводле некаторых звестак, ураджэнец Лідскага павета Віленскага ваяводства (цяпер Воранаўскі раён Гродзенскай вобласці, выхадзец з даўняй літоўскай арыстакратычнай фаміліі. Вучоны-натураліст, каталіцкі святар, доктар філасофіі і тэалогіі, прафесар батанікі і заалогіі, адзін з пачынальнікаў ветэрынарыі ў Літве і Беларусі, аўтар першых падручнікаў па натуральных навуках - "Poczatki botaniki" ("Асновы батанікі"), "Zoologia krotko zebrana" ("Кароткі курс заалогіі"). Сябра варшаўскіх Таварыства прыяцеляў навук і Гаспадарчага таварыства, маскоўскага Таварыства аматараў прыроды. З 1805 г. - рэдактар і аўтар віленскай газеты "Dziennik Wilenski".

Вучыўся ў школах ордэна піяраў у Лідзе і Любяшове на Валыні, у Аўстрыі, Саксоніі і Венгрыі. У 1785-1786 гг. выкладаў у шчучынскай школе піяраў, побач з якой заснаваў батанічны сад. У 1790-1792 гг. выкладаў прыродазнаўчыя дысцыпліны ў віленскай школе піяраў, з 1792 г. у Галоўнай школе Літвы, да 1824 г. - загадчык кафедры натуральных навук Віленскага універсітэта. Пры Замкавай гары ў Вільні заснаваў універсітэцкі батанічны сад з досыць вялікай па еўрапейскіх мерках калекцыяй раслін, у т.л. з аранжарэяй і цяпліцай для трапічных раслін, на пабудову якіх пайшло 40 тысяч цаглін з разбуранага Ніжняга замка.

Займаўся вывучэннем птушак - адным з першых у Літве і Беларусі. Аўтар першага дакладнага апісання флоры нашых краін - "Opisanie roslin w prowincyi W.X.L. naturalnie rosnacych wedlug ukladu Linneusza" (Вільня, 1791 г.), "Opisanie roslin litewskich" (1811 г.). За грунтоўнае даследаванне флоры Літвы кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адзначыў С.Б.Юндзіла дзяржаўнай узнагародай - залатым медалём "Заслужаным".

Пахаваны навуковец на віленскіх Бернардынскіх могілках, што пры Полацкай вуліцы (Polocko gatve) у прадмесці Зарэчча (Ужупіс).

K.Kalinausko gatve - вуліца К.Каліноўскага
Да 1940 г. - Пагулянскі, Турэмны, Гарысты зав., вул. Малая Пагулянка.

Вінцэнт Канстанцін Каліноўскі, вядомы ў Беларусі больш як Кастусь Каліноўскі, а ў Літве - Костас Калінаўскас (1838-1864), нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны Гродзенскага павета Гродзенскай губерні (цяпер гміна Грудэк (Гарадок) Беластоцкага павета Падляшскага ваяводства Польшчы) у шляхецкай сям'і. Пасля атрымання юрыдычнай адукацыі ва універсітэтах Санкт-Пецярбурга і Масквы вярнуўся на радзіму. У 1861 г. бадай упершыню апынуўся ў Вільні, бо гэтым годам датуецца яго запіска (прашэнне), складзеная тут на адрас віленскага, гродзенскага і ковенскага генерал-губернатара Уладзіміра Назімава па пытанні ўладкавання на дзяржаўную службу, але К.Каліноўскі атрымаў адмову нібыта дзеля браку вакансій. На той час сталым месцам жыхарства К.Каліноўскага быў фамільны маёнтак Якушоўка ў Ваўкавыскім павеце Гродзенскай губерні, і ў гэты час ён ужо актыўна ўдзельнічаў (яшчэ са студэнцкіх часоў) у стварэнні базы для антырасійскага паўстання, што выбухне ў студзені 1863 г. у Польшчы і Літве (адсюль яго назва - Студзеньскае).

У ліпені 1862 г. на Гродзеншчыне пры ўдзеле К.Каліноўскага выходзіць першы нумар лістоўкі "Muzyckaja prauda" (да 1863 г. уключна з'явілася сем выпускаў) - аднаго са знакавых помнікаў беларускамоўнага пісьменства і публіцыстыкі XIX ст. Улётка падпісана псеўданімам К.Каліноўскага і яго паплечнікаў - Jasko haspadar z pad Wilni.

У лістападзе 1862 г. К.Каліноўскі пасяляецца ў віленскім прадмесці Зарэчча (Ужупіс) у пані Ю.Грагатовіч і яе дачкі Юліі (яна апазнае "госця сям'і" ў 1864 г., калі таго арыштуе паліцыя, але, прызнаўшы, што жыў у гэтай радзіне, К.Каліноўскі скажа следству, што раней яе "не знаў"). К.Каліноўскі, як сам засведчыць у часе допыту ў паліцыі ў студзені 1864 г., "у Греготович жил под фамилиею Калиновского 1 Ѕ месяца в конце 1862 и начале 1863 г.", затым "переехал на квартиру около бронифратров (касцёл Святога Крыжа і кляштар баніфратраў на сучаснай плошчы Даўкантаса / Daukanto aikste, 1), дом Кельчевской, где квартировал под именем Макаревича. Из этой квартиры весною выехал на должность (паўстанцкага) комиссара Гродненской губернии…" (дом гэты цяпер мае адрас Guceviciaus gatve, 9/7).

Канцом 1862 г. датуецца адзіная вядомая фатаграфія К.Каліноўскага, зробленая ў Вільні.

У чэрвені 1863 г., пасля наладжвання паўстанцкіх структур на Гродзеншчыне, К.Каліноўскі вяртаецца ў Вільню, узначальвае аддзел унутраных спраў паўстанцкага Аддзела кіравання правінцыямі Літвы, а неўзабаве становіцца кіраўніком усяго аддзела. У сваіх ужо цытаваных паказаннях К.Каліноўскі паведамляе, што ў Вільні "некоторое время не имел квартиры, ночуя у Дюлерана, Малаховского и Суходольского (паўстанцкія лідэры), после же нанял квартиру на Антоколе за костелом Св.Петра в доме Кохановского, где и жил под именем Чарновского, а оттуда чрез три месяца переехал на несколько дней в гостиницу Пузино, а вслед за тем на последнюю квартиру в здании гимназии" (будынак у Святаянскіх мурах).

К.Каліноўскі трымаўся левых радыкальных поглядаў, дзеля чаго сярод паўстанцаў узначаліў "чырвонае" крыло ў процівагу кансерватыўнаму "беламу", а сам Аддзел стаў называцца "Чырвоным жондам (урадам)". У канцы жніўня К.Каліноўскі становіцца "дыктатарам Літвы", галоўным лідэрам паўстання, якое, аднак, ужо не мела шанцаў на перамогу. У гэты час многія аўтарытэтныя і заможныя арыстакраты Літвы і Беларусі, што мусілі былі падтрымаць "бунт супраць цара", падпісалі вернападданніцкі "адрас" расійскаму манарху, сярод падпісантаў быў, між іншым, заснавальнік Віленскага музея старажытнасцей Эўстахій Тышкевіч.

З сярэдзіны кастрычніка К.Каліноўскі жыве пад імем Ігнацы Вітажэнец у г.зв. Святаянскіх мурах, побач з касцёлам Святога Яна (комплекс будынкаў былога Віленскага універсітэта).

К.Каліноўскаму даводзілася хавацца ад расійскай паліцыі, якая ледзь не схапіла яго ў час аблавы на вуліцы Зарэчнай (Uzupio gatve) у канцы лістапада - на пачатку снежня. Сам паўстанец сведчыў, што з дому выходзіў кожны дзень "и проводил время на прогулке и заходил обедать до времени разыскивания меня полициею в разных гостиницах, а в последнее время у Полянского на Немецкой улице" (цяпер Vokieciu gatve).

У ноч на 29 студзеня 1864 г. К.Каліноўскага-такі ўдалося арыштаваць у яго жытле ў Святаянскіх мурах - у гімназічным будынку на Замкавай вуліцы (Pilies gatve), у кватэры чыноўніка віленскай казённай палаты Канстанціна Жаброўскага. Паводле архівіста Язэпа Янушкевіча, К.Каліноўскі зняў гэтую кватэру, дзе правёў апошнія свабодныя дні жыцця, у кастрычніку 1863 г., заплаціўшы 30 рублёў - за паўгода арэнды. Выглядала памяшканне так: два пакоі, невялікая вітальня. Пасля арышту рэчы з дому галоўнага паўстанца былі прададзены на аўкцыёне 16 ліпеня 1864 г. - усяго 18 прадметаў: камод, канапа, ложак, тры сталы, крэслы, хрустальны графін, шклянкі для гарбаты, парцалянавыя сподачкі, лыжачка "варшавского серебра", складное люстэрка, белы фаянсавы збан, скрынка з шахматамі, гербавая пячатка, бутэлечка з чарніламі. Некалькі рэчаў дасталіся віленскаму месцічу Іцку Слабодскаму (Слабодкеру), аднак куплены ім "стол ясеновый восьмиугольный на одном столбу" мала таго, што аказаўся "вовсе испорчен", дык паліцыя не дала забраць набытак новаму гаспадару, а чамусці канфіскавала, і не дарма - у ножцы стала знайшліся дакументы К.Каліноўскага. Аднак паперы гэтыя ўжо не маглі паўплываць на лёс былога іх уласніка...

Пасля арышту "политический преступник Викентий Константин Калиновский", пасаджаны на месяц, пакуль ішло следства, у вязніцу, размешчаную ў былым кляштары дамініканцаў, піша адтуль "Пісьмы з-пад шыбеніцы".

Аднак К.Каліноўскі не адразу прызнаўся ў тым, хто ён папраўдзе: "29 января 1864 г. доставленный в доминиканское здание проживавший в доме виленской гимназии Игнатий Витоженец долгое время упорствовал в открытии настоящего своего имени и занятий... Но быв признан девицею Мариею Григотович за того самого господина, которого она видела приходившим в ее семейство к девице Стефании Фальской под именем Макаревича, называвший себя Игнатием Витоженцем открылся, что настоящее его имя Викентий Константин Калиновский". Паводле ўдзельнікаў следства над К.Каліноўскім, "первый день (ён) лишь кусал себе губы, неохотно даже отвечал на вопросы; но к вечеру не выдержал и объявил свое настоящее имя".

1-2 сакавіка адбыўся суд, які прыгаварыў кіраўніка паўстання да расстрэлу, аднак 4 сакавіка ўжо абвешчаны прысуд быў зменены на павешанне, 5 сакавіка з такім рашэннем згадзіўся віленскі, гродзенскі, ковенскі і мінскі генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў.

Паўстанне лічылася польскім нацыянальным, бо галоўнымі ўдзельнікамі яго былі шляхцічы, якія, паводле светагляду таго часу, і складалі нацыю (народ), тым часам як просты народ называўся людам. Расійскія ўлады ўспрымалі падзеі 1863-1864 гг. яшчэ і як рэвалюцыю: К.Каліноўскага судзілі, у прыватнасці, "за преступное служение революционному комитету в звании секретаря комиссара Литвы".

М.Мураўёва сучаснікі назвалі Вешацелем, але, насуперак пашыранаму меркаванню, не дзеля таго, што яго подпіс стаіць на прысудзе К.Каліноўскаму. М.Мураўёў душыў не толькі Студзеньскае, але і Лістападаўскае паўстанне 1830-1831 гг., займаючы тады пасаду гродзенскага губернатара. Тады ў яго нібыта пацікавіліся, ці не сваяк ён аднаго з лідэраў дзекабрыстаў Сяргея Мураўёва-Апостала, на што губернскі начальнік адказаў, што родам не з тых Мураўёвых, якіх вешаюць, а з тых, якія вешаюць.

Асоба К.Каліноўскага сёння звязваецца не толькі з барацьбой супраць русіфікацыі беларускага народа, але і з супрацівам яго паланізаціі. Васілі Ратч, афіцыйны расійскі гісторык паўстання 1863-1864 гг., сцвярджаў, што паплечнікі К.Каліноўскага, схільныя да шчыльнага саюза з Польшчай, спрабавалі "урезонить его любовью к польской ойчизне, о которой самозванец-диктатор Литвы и Белоруссии решительно знать не хотел".

У процівагу К.Каліноўскаму постаць М.Мураўёва сімвалізуе татальную русіфікацыю краіны, якая сапраўды пачалася пасля задушэння паўстання. М.Мураўёў адыграў сапраўды сімвалічную ролю ў нашай гісторыі і не памыліўся, сказаўшы прарочыя словы: "Что не доделал русский штык - доделает русская школа". А між тым яшчэ К.Каліноўскі ў сваіх "Пісьмах з-пад шыбеніцы" выказваў занепакоенасць наконт гэтай справы: "Маскаль... там, гдзе жылі палякі, літоўцы і беларусы, заводзіць маскоўскія школы, а ў гэтых школах учаць па-маскоўску, гдзе ніколі не пачуеш і слова па-польску, па-літоўску да і па-беларуску".

10 сакавіка 1864 г. а 10 г. 30 хв. на Лукішкскім пляцы (Lukiskiu aikste) К.Каліноўскі быў павешаны, як сведчаць дакументы, "при огромном стечении народа". "Калиновский, - пісаў пасля Аляксандр Масалаў, адзін з чыноўнікаў віленскай адміністрацыі М.Мураўёва, - был лет двадцати шести, крепкого сложения и с лицом жестким и выразительным, короткие русые волосы были зачесаны назад... Казнь Калиновского... была едва ли не последнею в Вильне (над паўстанцамі). Было ясное холодное утро; Калиновский шел на казнь смело; придя на площадь, он встал прямо лицом к виселице и лишь по временам кидал взоры в далекую толпу. Когда ему читали конфирмацию, он стал было делать замечания; так, например, когда назвали его имя - дворянин Викентий Калиновский, он воскликнул: "У нас нет дворян, все равны!". Полицмейстер покачал ему головой и просил замолчать".

В.Ратч запісаў легенду, што хадзіла пра К.Каліноўскага ў Вільні і Жамойці да яго арышту: "...Бродили темные слухи, что в Вильне проживает Круль Литвы, и 7 марта 1864 г. была совершена последняя казнь в Вильне - Калиновский был повешен".

На месцы пакарання, на Лукішкскім пляцы (Lukiskiu aikste), амаль пад самым касцёлам Святых Якуба і Піліпа стаіць памятны крыж і мемарыяльная пліта ў гонар герояў - К.Каліноўскага і яго паплечніка Зыгмунта Серакоўскага, кіраўніка паўстання ў Жамойці, павешанага тут яшчэ 27 чэрвеня 1863 г.

На муры былога кляштара дамініканцаў ўсталявана памятная табліца ў гонар К.Каліноўскага на літоўскай і беларускай мовах (Sv.Ignoto gatve, 11).

Автор: Віктар КОРБУТ, фота Сяргея ПЛЫТКЕВІЧА
Беларусь:   о стране  
Литва:   о стране  




Авиатуры из Минска, Москвы и Киева  |   Поиск тура  |   Горящие туры  |   Индивидуальный подбор тура  |   Цены от туроператоров  |   Рекламодателям  |   О портале
Все права защищены и охраняются законом © 2009 "PoiskTurov"     Создание сайта: дизайн-студия Webcom©












Каталог TUT.BY